• фармаваньне новага пакаленьня беларускай інтэлігенцыі
• разьвіцьцё нацыянальнае навукі, адукацыі і культуры
• разьвіцьцё й умацаваньне дзяржаўнасьці Беларусі
Нашыя мэты
• абарона правоў і інтарэсаў студэнтаў" •актыўны ўдзел у жыцьці вышэйшай школы, яе рэфармаваньні, скіраваным на паляпшэньне ўмоваў, павышэньне ўзроўню й эфэктыўнасьці навучаньня
• павышэньне грамадзкай актыўнасьці, нацыянальнай сьвядомасьці, інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню студэнтаў
• разьвіцьцё й падтрымка студэнцкае навукі
• пашырэньне ўжываньня беларускай мовы ў сфэры адукацыі і навукі
• падтрымка моладзевых плыняў у нацыянальным культурным руху
ЗБС і час
ЗБС узьнік у канцы 80-х гадоў як вынік працы нефармальных студэнцкіх аб'яднаньняў.
У 1992 годзе ЗБС быў афіцыйна зарэгістраваны ў Міністэрстве Юстыцыі РБ як "Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў".
Ад пачатку свайго існаваньня ЗБС праводзіць акцыі накіраваныя на зьмену існуючай моладзевай дзяржаўнай палітыкі. У канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў ЗБС арганізаваў кампанію супраць ідэалягізаванасьці вышэйшай адукацыі. На геаграфічным факультэце БДУ адбыўся страйк супраць вывучэньня гісторыі кампартыі. ЗБС дамогся cкасаваньня прымусовых вайсковых катэдраў ў ВНУ.
За апошняе дзесяцігодзьдзе ЗБС пасталеў. Зьмянілася некалькі пакаленьняў сябраў, значна ўзрасла іх колькасьць. Але мэты і задачы Задзіночаньня засталіся актуальныя. ЗБС і сёньня праводзіць акцыі, накіраваныя на паляпшэньне ўмоваў жыцьця студэнтаў. З самага пачатку ўвядзеньня прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ, ЗБС вядзе барацьбу за выкананьне права чалавека на вольны выбар працы, гарантаванае Канстытуцыяй РБ і шэрагам міжнародных пагадненьняў.
З 2000 года ЗБС разам з LSvB (галяндзкі зьвяз студэнтаў) пачаў рэалізацыю вялікага праекту, накіраванага на стварэньне, разьвіцьцё й умацаваньне студэнцкага самакіраваньня ў ВНУ Беларусі.
Адным з важных кірункаў дзейнасьці ЗБС зьяўляецца выдавецкая дзейнасьць. У 1992 годзе ЗБС пачаў выдаваць "Студэнцкую думку", якая напачатку выходзіла ў фармаце газэты, але паступова перарасла ў часапіс. Сёньня "Студэнцкая думка" стала прафэсійным часапісам і мае шырокае кола пастаянных чытачоў.
Сёньня ЗБС выдае яшчэ й "Студэнцкую газэту", якая рэгулярна разыходзіцца вялізарнымі накладамі па навучальных установах. Cуполкамі ЗБС выдаюцца лякальныя выданьні, разьлічаныя на факультэт, унівэрсытэт ці горад.
Задзіночаньне падтрымлівае шчыльныя кантакты з студэнцкімі арганізацыямі Ўкраіны, Летувы, Польшчы, Расеі, краінаў Заходняй Эўропы. ЗБС зьяўляецца паўнапраўным сябрам ESIB (Нацыянальны Студэнцкі Саюз Эўропы).
ЗБС не зьяўляецца палітычнай арганізацыяй. Але сябры ЗБС вольна выказваюць і адстойваюць свае палітычныя погляды.
ЗБС прымаў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі 2001 года. ЗБС зьяўляўся адной зь вядучых арганізацыяў моладзевай мабілізацыйнай кампаніі "Выбірай!", якая не зьяўлялася палітычнай, але заклікала моладзь прыйсьці на выбарчыя ўчасткі.