На гэтай старонце друкуюцца Вашыя артыкулы на актуальныя тэмы.
Праблема мовы.
Мяне заўсёды хвалявала праблема беларускай мовы ў нашым грамадтве. Яшчэ ў дзевятай клясе я запытаўся ў свайго класнага кiраўнiка, па сумешальнiцтву выкладчыка белмовы, чаму ў нас амаль нiхто не размаўляе на сваёй роднай мове. На што ён мне растлумачыў на сваiм прыкладзе, што нiякай праблемы няма, таму што ён зь лёгкасьцю можа пераходзiць з рускай на беларускаю, i наадварот. Шчыра кажучы я ня быў задаволены такiм адказам (калi такое кажуць людзi, якiя павiнны прывiваць любоў да роднай мовы, тады што ўжо пра iншых казаць), але ж выкладчыку болей пытаньняў не задаваў…
Кожная новая спроба размаўляць зь сябрамi й знаёмымi даводзiла мне, што мову мы сваю не паважаем, больш за тое - цураемся яе. З гадамi я зразумеў, што акрамя сваёй мовы мы не паважаем сваю культуру, гicторыю ды й увогуле самiх сябе.
I тым ня менш у гэтым грамадстве ёсьць людзi, якiя заўсёды карыстаюцца мовай. То бок ня толькi зь сябрамi й аднадумцамi, але ж i на працы, i ў грамадскiм транспарце, i з кабетамi ў дзяржаўных крамах.. Ад адной думкi пра гэта i асэнсаваньня таго, што такiя людзi ёсьць, мне хочацца любiць сваю краiну яшчэ болей!..
Першым магiлёўскiм беларускамоўным студэнтам, якога я заўважыў, быў Сяржук з гiстфаку МДУ iм. Куляшова. Да таго ж, такога мiлагучнага прамаўленьня я бадай-што раней нiколi ня чуў. Таму мне было цiкава менавiта яго стаўленьне да праблемы мовы.
Сяржук, цi iснуе ў нашым грамадстве праблема мовы? Цi адчуваеш ты нейкi дыскамфорт ад таго, што карыстаешся беларускай мовай у штодзённым жыцьцi?
Дыскамфорта нiякага няма. Калi размаўляю, то людзi мяне разумеюць. Некаторыя нават пераходзяць са мной на мову, i даволi значная частка з iх моваю валодае на дастатковым узроўнi. Што датычыцца праблемы iснаваньня мовы, то гэтакай у нашым грамадстве не iснуе. Бо кожны сам варты выбiраць мову зносiнаў уласна для сябе. I тое, што мова знаходзiцца ў тым заняпадзе, якi мы варты назiраць, павiнны толькi мы.
Дарэчы, як ты пачаў размаўляць па-беларуску? З якiмi цяжкасьцямi ты сутыкнуўся?
Першыя спробы былi ў старэйшай школе, 10-11 клясе. I размаўлялi мы памiж таварышамi на свайго кшталту гумарыстычным вiдзе трасянкi. Не таму, што не маглi размаўляць на чыстай беларускай мове, а проста дзеля аблягчэньня кантактаваньня мiж намi, не ставячы перад сабой мэты дакладна сьледваць правiлам беларускай арфаграфii. Пераход на чыста беларускую мову адбыўся на першым курсе ўнiвэрсiтэта, калi мяне закранула тое, што курс гiсторыi чытаецца выключна па-расейску. (Як высьветлiлася потым, курс гiсторыi Беларусi чытаецца такiм чынам на працягу ўсiх трох гадоў вывучаньня.) I такiм чынам пераход на мову адбываўся пiсьмова - лектар чытае па-расейску, я пiшу па-беларуску. Праз некалькi тыдняў на палове сэмiнараў я пачаў размаўляць на мове. Увесь гэты час ва ўнiвэрсiтэтскiх мурох размаўляў ужо выключна па-беларуску (са студэнтамi). З другога сэмэстру, пасьля першай сэсii, якую здаваў выключна на беларускай, перайшоў на поўнае канспэктаваньне па-беларуску. З другога курсу перайшоў на клясычны правапiс, якi часьцяком называюць "тарашкевiцай". Мой уласны прыклад, як паказвае сёньняшняя рэчаiснасьць, стаўся "заразным" i дзеля iншых студэнтаў не толькi майго, але й малодшых курсаў. Пераважаць значэньне перахода на мову не варта, хаця ўжо добра й тое, што пэўныя зрухi ў гэтым накiрунку зроблены, пачатак закладзены.
Як увогуле паводзяць сябе студэнты, калi чуюць што зь iмi нехта размаўляе па-беларуску?
Невялiкая колькасьць пераходзiць са мной на мову, яшчэ меньшая дзiвiцца гучаньню яе з запытам "Почему ты так разговариваешь?" Абсалютная большасьць ставiцца да гэтага абыякава й адэкватна, падтрымлiвая гутарку са свайго боку па-расейску. У выпадку, калi нехта з незнаёмых мне людзей гавэндзiць па-беларуску альбо чуе маё прамаўленьне, то прыемна дзiвiцца й узнагароджвае ўсьмешкаю як знак адабрэньня.
А дома з бацькамi як размаўляеш?
Дома, улiчваючы склаўшыяся традыцыi, размаўляю па-расейску. Але да таго, што з сябрамi размаўляю па-беларуску, сямейнiкi ставяцца нармальна.
На сэсii не ўзьнiкала праблем?
Чатыры сэсii здадзена - нiякiх праблемаў не было. Абсалютная большасьць выкладчыкаў пераходзiла са мной на беларускую мову.
Што б ты параiў тым з нас, хто толькi спрабуе размаўляць па-беларуску, але сустракае цяжкасьцi, якiя ня кожны й незаўсёды можа пераадолець?
Тым, хто жадае перайсьцi на мову хаця б часткова, можна параiць толькi адно - самае галоўнае ў пытаньнях валоданьня мовай - гэта моўная, вусная практыка. Пачынайце зь сябе, зьяўляючыся прыкладам дзеля акаляючых. У выпадку ўзьнiкненьня цяжкасьцей у лексiчным запасе, зьвяртайцеся да беларускамоўнай лiтаратуры, пэрыёдыкi й тых СМI, што зьяўляюцца беларускамоўнымi. Некалькi гадзiн беларускамоўя штодзень праз некалькi тыдняў пакажуць першыя вынiкi i зыходзячы з уласнае эмпiрыi каардынуйце сваю дзейнасьць далей: цi трэба папрацаваць са слоўнiкам, цi ўжо пашырыць лексыкон новымi выразамi й злучэньнямi, альбо цалкам паспрабаваць пераходзiць на беларускую мову ў паўсядзённым жыцьцi (ў незалежнасьцi ад суб'екту кантактаваньня).
Увогуле, што дапамагае табе жыць i быць шчасьлiвым?
Дапамагае жыць - задавальненьне фiзычных патрэб, а быць шчасьлiвым, што бывае рэдка, - усьведамленьне таго, што не ўсё тое, што робiцца, дарэмна.